ЭТЫ́ЛАВЫ СПІРТ, этанол, вінны спірт,

арганічнае злучэнне, найважн. з аднаатамных аліфатычных спіртоў, C2H5OH.

Бясколерная вадкасць з характэрным пахам, шчыльн. 789 кг/м³, tкіп 78,39 °C, tпл — 114,15 °C. Змешваецца з вадой у любых суадносінах, таксама са спіртамі. дыэтылавым эфірам, хлараформам і інш. Узаемадзейнічае з металамі, к-тамі. Атрымліваюць браджэннем харч. сыравіны, гідролізам расл. матэрыялаў і сінт. (гідратацыяй этылену — асн. спосаб). Ачышчаецца рэктыфікацыяй. Выкарыстоўваюць як растваральнік (у лакафарбавай і фармацэўтычнай прам-сці і інш.). Э.с. — кампанент антыфрызу, паліва для рэактыўных рухавікоў. На тэхн. мэты выкарыстоўваюць дэнатураваны спірт (спірт-сырэц) з дамешкамі фарбавальніка і спец. рэчываў, якія надаюць яму непрыемны пах і смак (дэнатурат атрутны); у медыцыне — для дэзінфекцыі, як каагулянт бялку, у т. л. пры лячэнні апёкаў. Значная ч. Э.с. ідзе на прыгатаванне спіртных напіткаў. ГДК у атм. паветры 5 мг/м³; пры прыёме ўнутр прыгнечвае цэнтры тармажэння мозга, выклікае ап’яненне, пры працяглым ужыванні — алкагалізм.

т. 18, кн. 1, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)